Кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Гарызонт» Мастоўскага раёна Генрых Мыслівец: «Вытворцу важна, каб яго прадукцыя выгадна прадавалася»
Пра такіх людзей кажуць: зямля на іх трымаецца. Старажыла аграбізнесу Генрыха Мысліўца, кіраўніка фермерскай гаспадаркі «Гарызонт» Мастоўскага раёна і дэпутата абласнога Савета, ведаюць не толькі на Гродзеншчыне, але і далёка за яе межамі. Ён першы ў рэгіёне ў складаныя 1990-я гады, рызыкнуўшы, вырашыў займацца фермерствам. І не пралічыўся. Але не ўдача дапамагла яму трымацца на плаву больш за два дзесяцігоддзі і дабіцца поспеху ў калісьці новым для краіны кірунку: смелы першапраходзец, апраўдваючы сваё прозвішча, — думаючы на перспектыву стратэг, сапраўдны гаспадар на сваіх землях. Аб гэтым сведчаць і валавы збор, і ўраджайнасць — яна, дарэчы, вышэйшая, чым у сярэднім па раёне. Фермер вырошчвае амаль усю агародніну раёна і трэцюю частку бульбы. Нядзіўна, што менавіта ён стаў дэлегатам VI Усебеларускага народнага сходу ад Гродзенскай вобласці, прадстаўляючы сектар аграбізнесу.
На сучасным этапе дзяржава актыўна падтрымлівае фермераў і прадастаўляе прэферэнцыі. Работа ў гэтым напрамку працягнецца і набярэ абароты — далейшыя шляхі ўжо прапісаны ў праекце праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на новую пяцігодку. Аднак пачынаць уласны аграбізнес у часы станаўлення незалежнай Беларусі было няпроста.
Шлях Генрыха Мысліўца можна ахарактарызаваць двума словамі — вырашыў і зрабіў. Пайшоў на «свой хлеб» ён у 1992 годзе, калі толькі-толькі на дзяржаўным узроўні ўсталявалі падтрымку аграпрадпрымальнікаў і пачалося крэдытаванне на закупку тэхнікі. Знаёмыя адгаворвалі, былі і адкрытыя насмешкі, але Мыслівец не здаўся.
— Няпростая эканамічная сітуацыя ў тыя гады падштурхнула многіх да пошуку сваёй справы, можна сказаць, разбудзіла ініцыятыву. Раз даводзіцца спадзявацца толькі на сябе, то і сядзець склаўшы рукі не будзеш, — успамінае Генрых Валяр’янавіч. — Па адукацыі я лесавод, паступіў у Полацкі лясны тэхнікум, з якога быў прызваны ў армію. У 1983 годзе скончыў Саратаўскі сельскагаспадарчы інстытут імя Вавілава па спецыяльнасці «інжынер лясной гаспадаркі». Працаваў тэхнікам-лесаводам, майстрам лесу Мастоўскага лясніцтва Шчучынскага лясгаса. Больш за пяць гадоў узначальваў аддзел аховы навакольнага асяроддзя дрэваапрацоўчага аб’яднання «Мастоўдрэў». Але вельмі хацелася пачаць сваю справу, таму сышоў туды, куды даўно цягнула, — шчыраваць на зямлі. Я ж сялянскі сын, вырас у вёсцы Даліняны Шчучынскага раёна, таму і праца па гаспадарцы мне знаёмая з малых гадоў.
У тыя часы многа зямлі фермерам адразу не давалі. Атрымаў каля 10 гектараў, і тое, можна сказаць, няўдобіцы. Бацькі ўзрадаваліся, што сын плануе звязаць жыццё з аграрнай справай: у сям’і да сялянскай працы ставіліся з павагай. Але даведаўшыся, што Генрых Валяр’янавіч аформіў велізарны крэдыт (300 тысяч рублёў), каб купіць тэхніку, бацька прыехаў адгаворваць. У вёсцы ніколі ў доўг не жылі, а тут сума проста неймаверная.
— Нягледзячы на довады блізкіх, рызыкнуў і купіў новы трактар «Беларус». Па тэхналогіі, якую бачыў у дзяцінстве, вырошчваў у асноўным бульбу і збожжавыя, цукровыя буракі, трохі морквы і капусты. Але для далейшага развіцця патрэбна было пашырацца. Папрасіў яшчэ 20 гектараў, затым сотню. Мне дзяржава падставіла плячо, асабліва ў пачатку шляху гэта мела вялікае значэнне. Без гэтай падтрымкі адназначна не ўдалося б так разгарнуцца. Яна і павінна быць, каб людзі маглі пачаць сваю справу.
Цяпер у гаспадарцы больш за тысячу гектараў. «Гарызонт» — самы буйны пастаўшчык агародніны на Гродзеншчыне. Увесь працэс, ад сяўбы культур да пагрузкі і адпраўкі спажыўцу, механізаваны. У наяўнасці сучасная тэхніка, аўтарэфрыжэратары, лініі расфасоўкі і ўпакоўкі. Некандыцыйная прадукцыя накіроўваецца на далейшую перапрацоўку — руплівы гаспадарскі падыход. Таварная праходзіць праз лінію ўпакоўкі і ідзе на продаж у мясцовыя супермаркеты, замежным спажыўцам. Напрыклад, у Малдову. Каля года таму ў гаспадарцы пачалі выпускаць паўфабрыкаты ў вакуумнай упакоўцы, а яшчэ робяць салаты, квасяць капусту. Прадукцыю развозяць па раёне і вобласці. У 2018-м у вёсцы Пладовая адкрылі свой магазін. Наладжана замарозка агародніны. Але фермер працуе не толькі дзеля прыбытку — ён забяспечвае сваёй прадукцыяй школы, садкі, што дазваляе зрабіць таннейшым харчаванне дзяцей. Пра гэта, дарэчы, фермер гаварыць не любіць: маўляў, добрая справа каштоўна тым, што не афішыруецца. А вось пра справы гаспадарскія — калі ласка.
— Тэхналагічны ланцужок — мера вымушаная, — распавядае Генрых Мыслівец. — Шматпрофільнасць характэрная для аграхолдынгаў, а вось малыя гаспадаркі павінны мець вузкую спецыялізацыю. Адзін, напрыклад, вырошчвае, іншы перапрацоўвае, хтосьці прадае. Кожны займаецца сваёй справай і ўдасканальвае яе. Але для гэтага аграбізнесу патрэбны адпаведныя вытворцы, прычым нашы, беларускія. Магчымасці ёсць: для закупкі тэхнікі існуюць лізінгавыя праграмы. Але трэба зацікавіць менавіта сваіх інвестараў, якія выраслі на гэтай зямлі.
Прадпрымальнік лічыць, што рынак у сучасных умовах адкрыты для ўсіх. І туды прыходзяць не толькі правераныя прадпрыемствы, але і фірмы-аднадзёнкі, якім трэба атрымаць імгненны прыбытак. Таму вельмі важна абараніць айчынных вытворцаў, якія працуюць на якасць. Каб яны мелі доўгатэрміновыя кантракты і сістэму дагавораў — стабільныя ўмовы працы.
Фермерскія гаспадаркі, на думку Генрыха Валяр’янавіча, на піку ўвагі з боку дзяржавы. Аб іх значнасці гавораць факты: тры гады таму аграбізнесмена наведала ўрадавая дэлегацыя і асабіста Прэм’ер-міністр. Адзін час СФГ называлі ледзь не заменай сельгаспрадпрыемствам. Мыслівец лічыць: не альтэрнатыва, а дадатак. Варта падумаць аб тым, як наблізіць да зямлі чалавека, які аддаляецца ад яе.
Яшчэ адно актуальнае пытанне, на думку фермера, — прыцягненне інвестараў да рэструктурызацыі неэфектыўных прадпрыемстваў АПК. Сам Генрых Мыслівец перспектывы банкруцтва не ўяўляе і прыкладвае ўсе магчымыя намаганні, каб заставацца на плаву: пастаянна ўдасканальвае вытворчасць, абсталяваў цэх па перапрацоўцы гародніны. У складскіх памяшканнях гаспадаркі (яе плошчы толькі за 2020 год пашырыліся на 400 гектараў) можна захоўваць да 10 тысяч тон вырашчанай прадукцыі.
Актыўна выкарыстоўваюць у гаспадарцы і арганічнае земляробства. На палове палёў бульбу вырошчваюць без гербіцыдаў, і мастоўскі фермер гатовы яшчэ прыкупіць зямлі для пашырэння ўгоддзяў:
— Каб не везлі з Нідэрландаў ці яшчэ адкуль. Будзе зямля, і мы забяспечым сваёй прадукцыяй беларусаў.
Маштабы паспяховай работы фермерскай гаспадаркі Генрыха Мысліўца здзіўляюць і радуюць. Але сам ён упэўнены: без дапамогі дзяржавы, разумення і ўвагі з боку раённых і абласных улад дасягнуць усяго гэтага было б немагчыма. Выдзяленне зямлі, набыццё сельгастэхнікі ў лізінг, дапамога ў атрыманні крэдытаў — усе гэтыя пытанні вырашаны з выкарыстаннем дзяржпадтрымкі.
— Не засталіся без увагі дзяржавы горад і раён. Узяць, напрыклад, жыллёва-камунальную сферу. Яшчэ некалькі гадоў назад мы і падумаць не маглі, што будзем сартаваць адходы, а зараз гэта становіцца нормай жыцця. Час мяняецца, але нязменнай застаецца ісціна: каб чагосьці дасягнуць, не варта разлічваць толькі на падтрымку з боку. Неабходна старанна працаваць, увесь час павышаць свой прафесійны ўзровень, набываць новыя веды, быць канкурэнтаздольным. Правільна гаворыць наш Прэзідэнт: ніхто ў гэтым не дапаможа, акрамя нас саміх. Можна прыгожа распавядаць пра перспектывы, але вопыт пражытых гадоў падказвае, што за словамі заўсёды павінны стаяць справы. Рэальныя справы на карысць людзей, чыімі рукамі і дасягаюцца вынікі, якія мы маем. Гэта і ёсць праўда жыцця.
Як дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу Генрых Мыслівец ужо падрыхтаваў пералік тэм, якія б хацеў абмеркаваць з іншымі ўдзельнікамі:
— Актуальна пытанне забеспячэння сродкамі рэальнага сектара эканомікі. Узяць, да прыкладу, сельскую гаспадарку. Калі вясной дапамагчы сялянам крэдытам на куплю ўгнаенняў у беларускіх рублях, не трэба валюты, то восенню гэтыя сродкі забяспечаць добрую ўраджайнасць, кармы, надоі. Грошы вернуцца ў бюджэт з працэнтамі, людзі атрымаюць добры асабісты даход, павысіцца пакупная здольнасць, запрацуюць галоўныя эканамічныя механізмы. Упэўнены, што прыйшоў час даць магчымасць беларусам самім вырабляць тавар, а не траціць валюту на закупку імпартнага.
Асобна ўзяты вытворца сельгаспрадукцыі не можа ўплываць на тое, на якіх умовах яго тавар будзе прададзены, ці пакрыюцца выдаткі, не кажучы ўжо аб прыбытку. Толькі дзяржава здольна гарантавана рэалізаваць прадукцыю шляхам планавання дзяржзакупак, устанаўлення адпаведных квот на рэалізацыю на рынках пэўных тавараў, процідзеяння манапалізацыі і дэмпінгавым праявам, стварэння ўмоў для падтрымкі нацыянальнага прадукту.
Дапускаю, што гандлёвай арганізацыі і спажыўцу выгадна мець справу з імпартнымі прадуктамі харчавання, калі яны танней вырашчаных і вырабленых у Беларусі. Часам з-за перавагі турэцкай, мараканскай ці егіпецкай агародніны беларускі сельгасвытворца не ў стане прадаць свой ураджай і вымушаны яго ўтылізаваць, а гэта страты. Запускаецца далейшы ланцужок неспрыяльных наступстваў: з-за адсутнасці дастатковых абаротных сродкаў не забяспечваецца якасны насенны фонд, няма за што апрацоўваць зямлю, закупіць угнаенні, паліва, выплаціць зарплату работнікам, узнікаюць цяжкасці па пагашэнні крэдытных, лізінгавых плацяжоў. Адсутнасць гарантаванага рынку збыту можа абярнуцца для вытворцы банкруцтвам. Атрымліваецца, што выгадная ў кароткатэрміновай перспектыве рэалізацыя ў Беларусі імпартных сельгаспрадуктаў можа стварыць пагрозу для наступнай харчовай бяспекі краіны: калі айчынны сельгасвытворца будзе неплацежаздольны, а спажывец стане цалкам залежаць ад замежнага. Недапушчэнне гэтага — задача дзяржавы на перспектыву, якая можа быць вырашана за кошт разумнага ўмяшання ў эканамічныя працэсы.