Домой Новости В стране Свята сыру, рыбы, мёду, кветак і дуба. Экалагічныя фэсты гэтага лета ў...

Свята сыру, рыбы, мёду, кветак і дуба. Экалагічныя фэсты гэтага лета ў рэгіёне

632
0

Некалькі экалагічных мерапрыемстваў пройдуць у Павіллі сёлета. Выбірайце, якое хочаце наведаць.

Па падліках этнографа Таццяны Кухаронак, у Беларусі штогод праходзіць каля 150 фестываляў, чвэрць з іх мае экалагічны накірунак. Выступаючы на адным з семінараў па імплементацыі Нагойскага пратакола ў Беларусі, даследчыца казала пра вялікую ролю экалагічных фестываляў у захаванні біялагічнай разнастайнасці і ў тым ліку традыцыйных ведаў, звязаных з генетычнымі рэсурсамі.

У традыцыйнай гаспадарцы беларусаў істотную ролю адыгрывалі збор лясных ягад, пладоў, грыбоў, кармавых, лекавых, дэкаратыўных траў, карняплодаў, падсечка дрэў і нарыхтоўка раслінных сокаў, збіранне мёду.

Кожны з гэтых заняткаў патрабаваў ведання мясцовай экалогіі, харчовых і лекавых якасцей раслін, аптымальных тэрмінаў іх збору, спосабаў апрацоўкі, кансервацыі і ўжывання.

Арганізатары экалагічных фестываляў часта імкнуцца выявіць, аднавіць і актуальзаваць гэтыя традыцыйныя веды. Гэта асабліва актуальна для лакальных фестываляў, арыентаваных на мясцовую супольнасць, арганізаваных па прынцыпах устойлівага развіцця.

Ашмяны

25 жніўня – свята сыру “Вясковы сыравар” у аграгарадку Жупраны Ашмянскага раёна.

Мясцовыя кулінары падзеляцца традыцыйнымі рэцэптамі сыроў: цвёрдыя і мяккія, салодкія і салёныя, плаўленыя і тварожныя, сулугуні і брынза, сырніца і сырныя аладкі, з рознымі запраўкамі і начынкамі. Ласункі можна будзе ацаніць на смак!

29 чэрвеня – свята “Кветкавая феерыя” ў аграгарадку Кракоўка Ашмянскага раёна.

Для стварэння брэндаў выкарыстоўваюць нават рэаліі савецкага часу: у 1980-я гады цяплічная гаспадарка аграгарадка Кракоўка была адзіным месцам у Ашмянскім раёне, дзе можна было набыць жывыя кветкі. Сёлета Кракоўка запрашае на свята “Кветкавая феерыя” 29 чэрвеня.

Мэтай імпрэзы – адраджэнне і развіццё культуры кветкаводства і ландшафтнага дызайну сельскіх тэрыторый. Кракоўка невыпадкова выбрана месцам правядзення кветкавага свята. У 1980-я гады мясцовая цяплічная гаспадарка была адзіным месцам у Ашмянскім раёне, дзе можна было набыць жывыя кветкі.

Падчас свята будуць прадавацца кветкавыя вырабы народных майстроў, будзе працаваць відэасалон “Кветкавы рай у двары”. Гасцей мерапрыемства чакаюць яркія і вытанчаныя кампазіцыі з кветак, ягад і нават гародніны. Тэатралізаваныя персанажы распавядуць таямніцы кветкаводства, для аматараў незвычайных кветак пройдзе майстар-клас па пляценні з пацерак.

11 жніўня – свята “Граўжышкоўскі мядовы кірмаш” у аграгарадку Граўжышкі Ашмянскага раёна.

Галоўнымі героямі імпрэзы стануць Пчаляр і Пчолка Мая. На кірмашы будзе арганізаваны продаж розных гатункаў мёду і дэгустацыя.

Астравец

7 ліпеня – свята “Лавіся, рыбка” ў аграгарадку Кемелішкі Астравецкага раёна.

Рыбакі самых розных прафесій і ўзростаў збяруцца на беразе возера Вілія, каб выявіць самых спрытных майстроў рыбнай лоўлі. Спаборніцтвы будуць праходзіць сярод кіраўнікоў арганізацый і аматараў рыбнай лоўлі. Жанчыны таксама запрашаюцца да ўдзелу. Пераможцамі стануць тыя, хто здолеюць за дзве гадзiны злавіць самых вялікіх, маленькіх, цяжкавагавых рыб.

У праграме таксама кулінарныя конкурсы на лепшую юшку і рыбнае асарці сярод працоўных калектываў, выстава-дэгустацыя рыбных вырабаў і частаванне юшкай, канцэрт калектываў аматарскай творчасці “Побольше вам рыбки, чтоб сияли улыбки!”, смешныя гісторыі пра рыбалку…

24 жніўня – раённае свята “Дзень дуба” ў горадзе Астравец Гродзенскай вобласці.

Дуб, які сімвалізуе сілу, мужнасць, цягавітасць, даўгалецце, урадлівасць, высакароднасць і вернасць, намалявана на гербе Астраўца. Тры дубы ў горадзе прызнаны помнікамі прыроды, а ўзрост двух дрэў, якія растуць недалёка ад вёсак Тракенікі і Страча Астравецкага раёна, перавышае 500 гадоў.

У праграме свята: тэатралізаваная легенда аб дубе, выстаўка-конкурс на лепшае афармленне транспартнага сродку, выстаўка-конкурс аб’ёмных фігур на лепшы сімвал свята. Усе жадаючыя могуць загадзя пачаць збіраць і нарыхтоўваць жалуды, каб прыняць удзел у конкурсе “Збяры жалуды”. Пройдзе фотавыстава-конкурс “Дуб у аб’ектыве”. Каля ўваходу ў лесапарк можна будзе пакаштаваць кавы з жалудоў і загадаць жаданне, завязаўшы на дубе беларускую стужачку.

Смаргонь

13 ліпеня – дзень рыбака “По щучьему велению” ў аграгарадку Асінаўшчызна Смаргонскага раёна.

Атрымаць асалоду ад “ціхага палявання”, паспаборнічаць у лоўлі рыбы, прыгатаванні юшкі змогуць усе ахвочыя ля вадаёма Асінаўшчызны.

26 жніўня – тэатралізавае святочнае гулянне “Мядовы смак” у аграгарадку Бялкоўшчына Смаргонскага раёна.

Мерапрыемства запомніцца салодкай дэгустацыяй, выстаўкай-продажам пчаліных домікаў, пчалярскага інвентару і прадуктаў пчалярства, майстар-класам па выпампоўванні мёду, знаёмствам з рэцэптамі страў з мёдам. Будзе арганізавана выстава-продаж медыцынскіх прэпаратаў “Мядовы дар”.

Карта ўсіх экалагічных фэстаў краіны размешчаная па спасылцы.

Поўную праграму па ўсёй Беларусі можна папбачыць тут.

Источник