Домой Новости В стране В этом году начинается новый этап для семьи Ткачевых из Глубокого

В этом году начинается новый этап для семьи Ткачевых из Глубокого

30
0

Лясны раман Ткачовых

У лясную вёску Германоўшчыну дзесяць гадоў таму перасяліўся з Мінска малады каваль Сяргей Ткачоў, дзе заняўся земляробствам і мастацкай коўкай у адчыненай ім кузні. Неўзабаве да яго, таксама са сталіцы, прыехала мастачка Марыя. Узяў з ёй шлюб. У Ткачовых чацвёра дзяцей. Маладая сям’я харчуецца з уласнай гаспадаркі: трымаюць карову, маюць два гектары зямлі. А яшчэ заснавалі арт-хутар «Майстравыя», дзе кожны можа ўзяць майстар-клас па кавальскай справе, пляценні кошыкаў з лазы, ганчарстве.

Вёска Германоўшчына, што ў Глыбоцкім раёне, атабарылася ў вялікім лесе. Елкі і сосны месцамі падступаюць да панадворкаў, а за ваколіцай з аднаго боку ад ляснога масіву хаты аддзяляе няспешная рэчка Шоша. Да цывілізацыі — Падсвілля, якое калісьці было райцэнтрам, — шэсць кіламетраў. Амаль столькі ж і да аграгарадка Псуя. Моладзь з Германоўшчыны даўно пакінула родныя пенаты. Засталося пяток хат з пенсіянерамі. Па лясных дарогах сюды ездзіць не было ахвотнікаў, хіба што машыны лясгаса парушалі цішыню.

І вось дзесяць гадоў таму назад тут з’явіўся даволі інтэлігентны з выгляду хлопец з самога Мінска. Нешта доўга выглядваў, распытваў і ўрэшце набыў дом, які б нехта іншы і задарма не ўзяў. А гэты з большага агледзеў і стаў там жыць.

Новыя людзі заўсёды, асабліва ў вёсцы, выклікаюць цікавасць.

— Натварыў нешта ў сталіцы і сюды «зашыўся», — даводзілі адны. — Трэба нанач запірацца лепей. Мала чаго?

— На бандыта не падобны: не п’е, не курыць, — не пагаджаліся другія. — Пад дачу купіў. Цяпер гэта модна.

Вяскоўцы канчаткова пранікліся сімпатыяй да хлопца, а звалі яго Сяргей, пасля наступнага выпадку. Ля суседняй вёскі Залеснае, у якой засталіся ўсяго тры жанчыны, кожнай за восем дзясяткаў, разбурыўся мосцік праз Шошу. Патрапіць у царкву па ім было праблемай, Сяргей падказаў Тамары Верташонак, на той час старшыні Псуеўскага сельсавета, як зладзіць новы. Больш таго, дапамог нарыхтаваць матэрыял для поручняў і перавезці яго да ракі, дзе Алег Шаурка і Уладзімір Ладвішчанка рабілі пераправу.

Сяргей, насуперак меркаванням, па восені не вярнуўся ў Мінск, а застаўся зімаваць у Германоўшчыне. Да яго неўзабаве прыехаў бацька Міхаіл. Мужыкі ўдвух ладзілі гаспадарку. У аўталаўку, якая заязджала ў вёску, заглядвалі рэдка, хіба што за макаронамі. Нават хлеб пяклі самі. Карміліся ўвогуле тым, што паслала багатая навакольная прырода. Набылі карову і самі даілі яе.

У кузні, якую абсталявалі ў закінутым хляве, чуўся звон молата: там Сяргей выкоўваў мастацкія рэчы, а яшчэ пры нагодзе ладзіў плугі, бароны…

— Бабыль, яму б якую жанчынку на гаспадарку, — шкадавалі хлопца аднавяскоўцы. — Хаця якая дзеўка паедзе ў гэтую глухамань?!

Сенсацыяй для мясцовага люду стаў дзень, калі да Сяргея пры­ехала з самой сталіцы статная прыгажуня Марыя, з якой неўзабаве і ўзяў шлюб у мясцовым сельсавеце.

Далей — болей. Нібыта баравічкі, адзін за адным пайшлі ў маладой сям’і дзеці: сыны Коля, Пётр, Іван і дачка Каця.

Так і застаў нядаўна гэтае сямейства ў зборы ля хаты аўтар гэтых радкоў. Усе дружна абляпілі стол, натхнёна займаючыся пляценнем кошыкаў з лазы: сыны падразалі дубчыкі, а бацькі плялі сам выраб. І нават калі ўсчалі гаворку, не забываліся пра справу.

Найперш расказалі пра дзяцей.

Старэйшаму Мікалаю — восем гадоў, Івану — шэсць, Пецю, які нарадзіўся якраз на святога Пятра, — пяць, а доўгачаканай Кацярыне — усяго два.

— Ці не сумна дзецям тут без аднагодкаў, у адрыве ад цывілізацыі? — задаю пытанне, хоць адказ на яго ўжо ведаю па рэакцыі Марыі.

— О, мы якраз рады, што вырваліся з гэтай «цывілізацыі». Што яны бачылі б у тым горадзе? Сядзелі б у чатырох сценах за камп’ютарам. А тут у нас раздолле: прырода, лес, чысцюткае паветра, рыбалка, здаровая страва. Дзеці змалку прывучаюцца да працы. Што тычыцца аднагодкаў, то Коля наведвае Падсвільскую сярэднюю школу. Яго рэгулярна забірае школьны аўтобус. Хутка стане вучнем і Ваня. Летам да нас прыязджаюць дзеці з горада. Разам з нашымі майструюць машынкі, іншыя цацкі. І, як бачыце, сыны актыўна дапамагаюць нам плесці кошыкі з лазы. Гэта ім цікава, праўда, не заўсёды надоўга хапае: дзеці ёсць дзеці.

Дубчыкі ў іх руках настолькі тонкія, нібыта тыя саломінкі, і, толькі добра прыгледзеўшыся, можна заўважыць, што гэта лаза.

— Трэба ж было дзесьці адшукаць менавіта такія, хаця кругом лес?

— А нам дапамаглі бабры, — выдае сакрэт Марыя. — Яны зрэзалі кусты дарослай вярбы, і на іх месцы выраслі вось такія парасткі, якія нам якраз згадзіліся для работы. Мы вельмі ўдзячны гэтым звяркам.

— І не толькі ім, — падтрымлівае гаворку Сяргей. — Акрамя пляцення, наважыліся заняцца ганчарствам, для чаго спатрэбілася гліна. На гэты раз выручылі… краты, якія «паказалі» сховішча гліны каля берага ракі.

— Вы тут, напэўна, з усімі звярамі пасябравалі.

— Як з усімі… Але нас яны не абмінаюць. Нядаўна лось прыходзіў. Рысь заяўлялася. Воўк на дарозе мяне стрэў. Паглядзелі адзін на аднаго, і шэры, як джэнтльмен, уступіў дарогу.

Сяргей нарадзіўся на Гомельшчыне. Скончыў Гомельскае дзяржаўнае мастацкае вучылішча, пасля якога працаваў у Мінску, дзе ў майстэрнях дасканала асвоіў кавальскую справу. Аднаго разу, выконваючы заказ з Глыбоччыны, выпадкова трапіў у лясную вёску Германоўшчыну. Настолькі яго ўразіла гэтая мясціна, што без ваганняў памяняў сталіцу, дабрабыт з усімі выгодамі на вясковую хатку ў далечыні ад цывілізацыі, асфальт — на лясныя сцяжынкі.

Трохі складаней было Марыі. Карэнная віцябчанка, якая вырасла ў гарадскіх выгодах, нават уявіць сабе не магла, што давядзецца жыць не проста ў вёсцы, а ў лесе, фактычна на невялікім хутары. Скончыла Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. Глебава па спецыяльнасці «жывапісец». З Сяргеем стрэліся ў сталічнай майстэрні і цэлых дзевяць гадоў былі калегамі па працы.

— Мы сябравалі, але не думалі, што возьмем шлюб, станем сям’ёй. Калі Сяргей прапанаваў вёску — я пагадзілася. Германоўшчына для мяне была хутарам. Налічыла тут з пяток хат. Наша аказалася з двума пакойчыкамі на 38 «квадратаў». Бярвенні ад часу спарахнелі, месцамі ў сценах былі дзіркі з кулак. Пад восень было стыла, вільготна. На падлозе лужыны стаялі, якія за ноч падмярзалі. Работы — куды ні глянь, у кожным вугле. Але ўсё гэта мяне не шакіравала, бо мы ж маладыя, удваіх, а значыць, лягчэй будзе планы ажыццяўляць. Тут жывая прырода: чыстае паветра, рэчка Шоша праз агарод працякае… Прыгажосць і спакой вакол! І дзецям такая экалогія на карысць. Не шкадую, што пераехала сюды.

Праўда, у спартанскіх умовах доўга жыць не давялося. Сяргей атынкаваў сцены хаты. Разам з бацькам Міхаілам Усеваладавічам, які перабраўся да сына з Гомельшчыны, перарабіў печ, пераклаў круглую грубку. Цяпла ад яе хапала нават ад ахапку дроў. Сваімі рукамі Сяргей змайстраваў мэблю: сталы, крэслы, лаўкі, вешалкі. А Марыя дапоўніла інтэр’ер сваімі вырабамі з лазы: рознымі кошыкамі, свяцільнікамі і іншымі мастацкімі рэчамі.

Жывуць Ткачовы са сваёй гаспадаркі. Маюць два гектары зямлі. Набылі добры мотаблок, а прычапны інвентар да яго — плуг, культыватар, барану, — Сяргей зладзіў у кузні сам. Больш гектара зямлі, якая паўвека ляжала дываном, узараў, пасеяў траву. Цяпер, калі ёсць добрыя выпасы, думаюць набыць другую карову. Вось толькі для гэтага трэба сабраць трохі грошай.

Карову доіць Марыя. На пытанне, як яна, гарадская дзяўчына, асвоіла прафесію даяркі, шчыра рассмяялася:

— Гэта як упершыню сесці за руль машыны!.. Але нічога, хутка прынаравілася, і карова да мяне прывыкла. Калі не выпадае мне падаіць, выручае Сяргей.

З малака Ткачовы вырабляюць паўцвёрдыя і цвёрдыя сыры па дзедаўскім метадзе: кладуць іх у невялікія кошыкі з лазы, і на прадукце адбіваецца арыгінальны арнамент. Захоўваюць сыры ў склепе, цвёрдыя могуць ляжаць там да года.

Вы калі-небудзь ласаваліся смажанкай з крапівы? Не?! Паспрабуйце. Сяргей і яго бацька Міхаіл сцвярджаюць, што вельмі смачна.

Дарэчы, Міхаіл Усеваладавіч, былы педагог, набыў уласны дом у вёсцы Дабрэзіна таго ж Псуеўскага сельсавета. Да яго хутка на пастаяннае жыхарства пераязджае з Мінска жонка Марыя Пятроўна, якая заканчвае сваю работу ў сталіцы.

Для маладых Ткачовых сёлета пачынаецца новы этап у жыцці. Цяпер у іх не проста аграсядзіба ў Германоўшчыне, а арт-хутар «Майстравыя». Сюды можна прыехаць, каб адпачыць, пазбіраць ягады, грыбы, палавіць рыбу ў Шошы, адведаць натуральнай ежы, а таксама пазнаёміцца з даволі рэдкімі прафесіямі. Марыя правядзе майстар-класы па пляценні кошыкаў з лазы, іншых цікавых рэчаў. Прычым асноўваючыся не толькі на мясцовых традыцыях, але і народаў Іспаніі, Англіі. Сяргей, негледзячы на мноства заказаў (яму нават крыжы на купал касцёла ў Глыбокім, вядомага помніка архітэктуры, даручылі зрабіць), раскрые сакрэты мастацкай коўкі. Для гэтага ён пабудаваў новую кузню. Акрамя таго, Ткачовы будуць займацца ганчарствам. Здатную гліну для гэтага, як вы ўжо ведаеце, знайшлі ім краты.

Хутар будуецца. Побач са старым домам увачавідкі вырастае новы, з бярвенняў. Ён будзе двухпавярховы, з усімі выгодамі. Ладзіць яго сам Сяргей па сваім праекце: маўляў, што створана ўласнымі рукамі, самае трывалае. А ўнутраны інтэр’ер новабудоўлі ўжо прыдумала Марыя і тое-сёе паспела зрабіць для яго.

Источник