Домой Новости В стране Яблыкі з уласнага сада вазіў у Маскву. Як жыве на Маладзечаншчыне 90-гадовы...

Яблыкі з уласнага сада вазіў у Маскву. Як жыве на Маладзечаншчыне 90-гадовы Арсень Асіповіч

34
0
Арсень Асіповіч на ровары, набытым у Маладзечне. Фота з уласнага архіва героя.

Жыве ў Кучках на Маладзечаншчыне Арсень Асіповіч. 90-гадовага вяскоўца нялёгка заспець дома.

Сыходзячы, Арсень пакідае запіскі: «Я ў садзе»«Арсень за хлеўчыкам»«Я ў Ніны». Ён не быў у афіцыйным шлюбе і сышоўся са сваёй Нінай у 52 гады.

Школу не скончыў з-за працы на зямлі

Арсень Васільевіч нарадзіўся ў тры гадзіны раніцы ў Кучках. Пахрысцілі малога праз месяц у маркаўскай царкве. Хрышчоныя бацькі – Алена Паўлаўна Міцько і Сцяпан Андрэевіч Сівіцкі.

Пачаў хадзіць у школу ў Кучках. Пасля хадзіў на ўрокі ў Маркава. Вучыўся добра. Скончыў чатыры класы. І мог вучыцца далей.

Злева направа: Арсень Асіповіч, Леанід Палянскі – гарманіст з Якавічаў, Яшка-цымбаліст (Якуб Антонавіч Асіповіч) з Кучак. 1953 год. На вяселлі ў вёсцы Рэдзькі.

Але экзамены здавалі па вясне. Трэба было дапамагаць бацьку парадкаваць зямлю. А зямля Асіповічаў была раскіданая па 20 месцах, «латках». Вырошчвалі яны і пшаніцу, і жыта, і авёс, і лён. Скончыць школу ў Арсеня не атрымалася.

Да драбніц памятае пажар, што здарыўся больш за 80 гадоў таму

У Арсеня Васільевіча добрая памяць. Прыгадвае, што 23 мая 1938 года а 11 гадзіне ў Кучках быў пажар. Згарэлі 22 хаты. Засталіся дзве.

Пажар здарыўся праз тое, што адна з кучкаўскіх жанчын пякла хлеб, разгортвала памялом жар і іскры трапілі на падлогу.

Большасць кучкаўскіх мелі польскую страхоўку. Было за што купіць новыя хаты. Іх набывалі з-за Вяллі і з-пад Ушы.

Бацька Арсеня набыў хату ў Вілейскім раёне, у вёсцы Міскавічы, ад гаспадара Скваркі. Каб трапіць у Кучкі, хата вандравала на «пароме» – дзве лодкі, змацаваныя разам, і на плытах па Вяллі.

Набылі малатарню і арфу – прыстасаванне, каб чысціць зямлю, гумно з Родзькавічаў. А хлеў – з-за Ушы ад гаспадара Мартына Яблонскага.

У Кучках жыла жанчына, якая мела горб на спіне – баба Наста. Падчас пажару яна спала. Жанчыну выцягнулі з хаты. Пасля староста на першай у вёсцы машыне адвёз жанчыну ў бальніцу. Але шнары засталіся ў яе на ўсё жыццё.

Дзевяць чалавек – у адной хаце

У хаце бацькі жылі баба Параскева (памерла ў 1952 годзе), дзед Мікалай (памёр у 1934 г.) цётка, дзядзька Язэп, бацька, маці, Волька (1920–1939), Ірына (1927 года нараджэння), ЛёняВаля (1924 года нараджэння) і Арсень.

Маленькі Арсень спаў на палку, на сянніку паміж куфрам і скрыняй. А бацькаў брат, дзядзька Язэп, – на куфры на сянніку. Перад смерцю бацька Арсеня казаў пра дзядзьку: «Дружы з дзязькам, але ў вялікую дружбу не залазь!». Дзядзька Язэп быў пазашлюбным сынам – байструком.

Конскі кал – як лекі ад запалення лёгкіх

Па-рознаму лёс складваўся ў сям’і Асіповічаў. Двое дзяцей сышло раней часу: Волька ў 19 гадоў, бо хварэла на сухоты. Лячылася дзесяць дзён у Вільні за сорак злотых. За гэтыя грошы можна было набыць слабенькую карову. Аднак лячэнне не дапамагло. У Волькі ўжо быў хлопец, але падчас службы ў войску ён патануў. Калі і ад чаго памёр брат Лёня, Арсень Васільевіч не памятае, бо «яшчэ не быў на свеце».

І самому дзеду Арсеню выпала шмат хвароб. На Каляды ў 1946 хварэў на запаленне лёгкіх: тэмпература падымалася да 42 градусаў. Бацькі посцілкамі адгарадзілі яму ў хаце ізалятар. Прыязджаў з Лебедзева польскі фельчар часоў царскай вайны Болесь (Баляслаў).

Арсень Васільевіч разам з Любай Міцько з Маркава на вяселлі.

Рабіў націранні. А галоўнымі лекамі быў выціснуты конскі кал. Атрымлівалася вадкасць, падобная да піва. Колькі дакладна ляжаў, Арсень Васільевіч не памятае.

Згадвае, што на Вадохрышча сястра Валя ў хромавых боціках хадзіла ў Лебедзева па асвячоную ваду і націранні, і набрала ў боты вады. Такая адліга была, што «вада шумела».

Маці распавядала Арсеню, як ён ляжаў хворы, казаў: «Пусціце мяне дамоў». Так казаў перад смерцю і брат Лёня. Маці думала, што прыйдзе Арсеню канец.

Здарэнне пад Вострай брамай

Але хлопец ачуняў. Працаваў на спіртзаводзе, быў у войску. Адтуль камісавалі.

Пасля з Кучак часта ездзіў у Вільню па кілбасу, па хлеб, і ў кляштар памаліцца Віленскім пакутнікам.

Неяк з кляштара ішоў на вакзал праз Вострую браму. А пад ёй на дзеда Арсеня раптоўна выехаў грузавік. Кіроўца разгледзеў знак забароны руху, рэзка павярнуў улева. А прыцэп пакаціўся направа. Машына перакулілася.

Жанчына, што несла курыцу з базара, трапіла пад машыну. Вакол кроў, разліты бензін. Людзі памерлі. А Арсень застаўся жывым. Думае, таму, што напярэдадні замовіў малебен аб здароўі.

У часы калгасаў Арсень Васільевіч працаваў газавіком. За гэта яго паважалі ў вёсцы.

 У мяне шмат анёлаў

Дзед Арсень мае вялікі сад. 35 год вазіў яблыкі на продаж у Маскву, Рыгу і Загорск (сёння Сергіеў Пасад). Пасля гандляваў на Камароўскім рынку ў Мінску. Ездзіў на аўтобусе. Апошняе падарожжа было летась.

Не так даўно набыў індыкоў у Радашкавічах. Цяпер яны гуляюць па вальеры, ядуць крапіву з мукой. Збірае і рэжа крапіву Арсень Васільевіч сам.

Назіраеш за гэтым чалавекам і дзіву даешся: адкуль столькі моцы? На што дзед Арсень адказвае: «У мяне шмат анёлаў».

Источник